МАКСІМІЛЯ́Н I (Maximilian; 22.3.1459, г. Вінер-Нойштат, Аўстрыя — 12.1.1519),

германскі кароль (з 1486), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1493—1519], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын і пераемнік імператара Фрыдрыха III, бацька Філіпа I Прыгожага, дзед Карла V і Фердынанда I. У выніку дынастычнага шлюбу 1477 з Марыяй Бургундскай (дачка Карла Смелага, п. ў 1482) атрымаў ва ўладанне Нідэрланды і Франш-Кантэ. Сапернічаў з франц. каралём Людовікам XI. Заснаваў войска ландскнехтаў. Пацярпеў паражэнне ў т.зв. Швабскай вайне 1499 з швейцарцамі. Дынастычнымі шлюбамі забяспечыў сваім наследнікам ісп., венгерскі і чэш. прастолы. Пачаў фактычнае аб’яднанне аўстр. уладанняў Габсбургаў і цэнтралізацыю іх кіравання, намагаўся зрабіць Германію цэнтрам універсальнай дзяржавы Габсбургаў. Быў прыхільнікам гуманізму, спрыяў мастакам, у т.л. А.Дзюрэру, і вучоным (найперш ням. гуманістам); сучаснікі называлі яго «апошнім рыцарам». Аўтар некалькіх літ.-аўтабіягр. твораў.

Максімілян I. Партрэт работы А.Дзюрэра. 1519.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)